Акінчыцы – першае месца службы Міхала Міцкевіча, бацькі паэта, які тут жыў з сям’ёй з 1 красавіка 1881 года да 1 красавіка 1883 года.
Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся,
Пад глухі шум бору,
Позняю парою,
Восенню гнілою.
Якуб Колас. "На раздарожжы"
"Нарадзіўся я ў 1882 годзе 22 кастрычніка (па старому стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы, недалёка ад сяла Мікалаеўшчына (зараз Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Бацькі мае – Міхаіл Казіміравіч і Ганна Юр’еўна Міцкевічы – былі малазямельныя сяляне. У Акінчыцах бацька служыў лесніком у князя Радзівіла – польскага магната," – пісаў Якуб Колас у "Аўтабіяграфіі".
Акінчыцы – мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска. Рашэннем Мінскага аблвыканкама ў 1977 годзе ўключана ў межы г. Стоўбцы.
Назва пайшла ад прозвішча шляхціца Акінчыца, які атрымаў у дар ад князя Радзівіла згаданы засценак.
Акінчыцы – першае месца службы Міхала Міцкевіча, бацькі паэта, які тут жыў з сям’ёй з 1 красавіка 1881 года да 1 красавіка 1883 года.
У 1982 годзе, да 100-годзя з дня нараджэння Якуба Коласа, згодна з архіўнымі дакументамі, адноўлена сядзіба лесніка-каморніка і хата ў гладкі вугал, крытая гонтай, з трыма вокнамі, гумно з аборай пад саламянай страхою; студня з жураўлём, прыгрэбнік, у просты вугал паркан з хваёвых плашчакоў, закладзеных у шулы. Тут жа, ля каморы, яшчэ лёгка прыкмеціць колішні шлях, які мае назву Кацярынінскага тракту. Інтэр’ер Акінчыцкай каморы адноўлены паводле ўспамінаў, запісаных ад родзічаў песняра, мясцовых жыхароў.
Лёгкакрылай птушкай узлятае ўвысь матчына калыханка. Праз невялікае акенца на калыску немаўлляткі ліецца святло радасці і замілавання. Усё як у звычайнай сялянскай хаце, маленькай, сціплай, але светлай ад усмешак дзіцячых тварыкаў; стол, засланы абрусам з прошвай, побач, на відным месцы – пасажная скрыня, лава. І галоўнае ў хаце, без чаго не абысціся сялянскай сям’і – печ, прытулак старых і малых. Ля печы – кадзежка на рашчынку цеста, гаршкі і іншыя прылады гаспадыні.
Маці Якуба Коласа была добрай гаспадыняй, рукадзельніцай. Таму ў хаце – прасніца, маткі кужэльных і канапляных нітак, мярэжаны ручнік, сувоі палатна, строі, світка на сцяне, недавязаныя шкарпэткі з прутком у клубка, вытканы паясок-спавівач.
30 кастрычніка 1982 года мемарыяльная сядзіба прыняла першых наведвальнікаў. Сярод экспанатаў – аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я Міцкевічаў, прадметы сялянскага побыту канца ХІХ ст. На хаце мемарыяльная дошка "Тут 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)".
У 1910 годзе, праз 8 гадоў пасля смерці Міхала, Міцкевічы нарэшце набылі сваю хату ў Смольні. У ёй жылі маці Ганна Юр’еўна (тут і закончыла свой век у 1929 годзе), дзядзька Антось (памёр у 1918 годзе), сёстры паэта Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Іосіф.
Калі будавалася хата, Якуб Колас сядзеў у Мінскай турме, і толькі 19 верасня 1911 года прыехаў сюды ўпершыню. Беднай і запусцелай здалася паэту Смольня. Каб хоць крыху зрабіць яе ўтульнай, Якуб Колас пасадзіў на сядзібе дрэвы. Ліпы, пасаджаныя ў яго першы прыезд, растуць і сёння на мемарыяльнай сядзібе. Пад гэтымі ліпамі сядзелі маладыя Якуб Колас і Янка Купала у час першай сустрэчы летам 1912 года.
Два знакамітыя паэты марылі аб сустрэчы даўно, але жыццёвыя абставіны не спрыялі гэтаму. Якуб Колас у сваіх успамінах пісаў: "Я быў пад нядрэмным вокам паліцыі. За кожным крокам маім яна пільна сачыла… Мая першая непасрэдная сустрэча з Янкам Купалам адбылася толькі летам 1912 года, амаль праз год майго вызвалення з астрога…" Прыемна ўражаны сваім падарожжам у Смольню, Янка Купала прыгадваў: "Пазваў мяне ў госці Якуб Колас. Грошай, як заўсёды, у мяне не было, каб наняць балагола, і я рашыў са станцыі Стоўбцы да вёскі ісці пехатою. Іду, іду, ужо і цямнець пачынае, кругом лес. Няма ў каго спытацца дарогі. Баяўся, што прыйдзецца ў незнаёмым вялікім лесе заначаваць, а тут і есці хочацца. Раптам павеяла вільгаццю, і я ўспомніў, што, па словах Якуба Коласа, Мікалаеўшчына стаіць на беразе Нёмана. Вось і пайшоў я ў гэтым напрамку. Так і дайшоў шчасліва да самай Коласавай хаты."
У Смольні Якуб Колас бываў некалькі разоў у 1911-1914 гг., тут працягвалася праца надпаэмамі "Новая зямля " і "Сымон-музыка", напісаны шэраг вершаў, апавяданняў, сядзіба адлюстравана і ў трылогіі "На ростанях".
Апошні раз Якуб Колас наведаў Смольню 30 красавіка 1956 года, як бы развітваючыся з ёю "хадзіў асцярожна, нібы баючыся, каб не патрывожыць уяўленняў, што ўзнікалі на кожным кроку ў дарагой сэрцу мясціне…" (Максім Лужанін "Колас расказвае пра сябе")
У 1967 годзе, у Смольні быў адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Музейная плошча складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай і літаратурнай. Мемарыяльная хата, дзе доўгі час жыў брат Якуба Коласа Іосіф Міцкевіч з сям’ёй, музеефікавана да 90-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ў 1972 годзе.
Інтэр’ер мемарыяльнай хаты адноўлены па ўспамінах родных паэта. Этнаграфічныя рэчы адлюстроўваюць тагачасны сялянскі побыт, тут захоўваецца дух сям’і Міцкевічаў. На сядзібе адноўлены хлеў, гумно, у пабудаваным двухпавярховым будынку змешчана літаратурная экспазіцыя, якая знаёміць з дзіцячымі і юнацкімі гадамі паэта, далейшым яго жыццёвым і творчым шляхам. Пісьмы Якуба Коласа да землякоў, фотаздымкі, каштоўныя дакументы, рэдкія выданні твораў паэта, арыгінальныя матэрыялы не пакідаюць абыякавымі тых, хто наведвае гэты адметны і дарагі кожнаму беларусу куточак.
У 1890 годзе Міхаіл Міцкевіч, радзівілаўскі ляснік, у чарговы раз змяніў месца жыхарства. 22 красавіка 1980 года ён прыняў Альбуцкую сядзібу, якая стала чацвёртым месцам службы. Архіўныя матэрыялы на рускай і польскай мовах падаюць гэту мясціну пад назвай Альбута.
Парэчча – слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора – лес, як неба – долы,
Зіхціць у кветках лугавіна…
А колькі ягад і парэчак!
Як пахне мёдам поле грэчак,
Калі пачнуць яны цвісці!
Якуб Колас. "Новая зямля"
Праз год іх жыцця на новым месцы, 30 сакавіка 1891 года, на сядзібе адбыўся пажар, які знішчыў усё датла, бо дома не было на гэтым часе мужчын. Сям’я стражніка Міцкевіча засталася без нічога – ні хаты, ні хлеба, ні адзення.
Ды йзноў бяда: праз год вясною
Згарэла хата з варыўнёю
І ўвесь набытак, што быў ў дому…
Якуб Колас. "Новая зямля"
Новую хату на Альбуцкай сядзібе паставілі ў тым жа 1891 годзе. Архіўныя дакументы сведчаць, што збудавана яна была "на каменным падмурку, з абчасаных хваёвых брусоў, у гладкі вугал, накрыта гонтай, з дашчанай падфутроўкай пад дахам, з двума шчытамі з дошак". Хата складалася з святліцы, сенцаў і кладоўкі, печ цагляная, падлога і столь – дашчаныя.Незабыўныя малюнкі дзяцінства і юнацкіх гадоў (Якуб Колас тут жыў з 1890 па 1902) сталі асновай і тым падмуркам, на якім мацнеў і вырастаў талент паэта. У сваёй аўтабіяграфіі Якуб Колас піша: "Альбуць запомнілася мне найболей яскрава. Там была надзвычай цікавая прырода. Леснікова пасада стаяла на бойкай дарозе, кудою ішлі і ехалі людзі. Нязмоўклыя цікавыя гутаркі новых людзей пашырылі мой запас ведаў аб людзях і наогул аб жыцці і далі мне багаты матэрыял для назірання".У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчыну, менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды ўлетку вяртаўся з Палесся ўжо маладым настаўнікам, Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам. Альбуцкія мясціны паэт уславіў у многіх творах, у паэме "Новая зямля" Альбуць апісана як Парэчча.
У 1902 годзе, так і не дачакаўшыся здзяйснення сваёй мары аб уласнай зямлі, памёр бацька, Міхаіл Казіміравіч.
Бог не судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі…
Зямля… зямля… туды, туды, брат,
Будуй яе… ты дай ёй выгляд…
На новы лад, каб жыць нанова…
Якуб Колас. "Новая зямля"
У 1990 годзе у адноўленай хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы "Новая зямля". Здаецца, гаспадары зусім ненадоўга пакінулі сядзібу,хуткім часе хата напоўніцца галасамі дзяцей, маці Ганна будзе ўвіхацца ля печы, на падворку пачне гаспадарыць дзядзька Антось.
У створанай экспазіцыі фотаздымкі прататыпаў герояў паэмы, рукапісы, выданні паэмы розных гадоў, прадметы побыту сялян ХІХ-ХХ ст. Як працяг каментару да паэмы "Новая зямля" – выстаўка "Пчалярства і рыбалоўства", размешчаная ў адноўленым гумне. Тут можна ўбачыць рэдкія на сённяшні дзень прылады пчалярства і рыбалоўства, якімі, не выключана, мог карыстацца і дзядзька Антось.
У 2013 годзе ў адной з гаспадарчых пабудоў адкрыта першая чарга экспазіцыі "Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа" – інтэрактыўная зона "Хатка знахаркі" ("Лекавыя травы ў сям’і Міцкевічаў"). Экспазіцыя "Хатка знахаркі" ўяўляе сабой рэканструкцыю часткі хаты (ад чырвонага кута да вугла печы) вясковай бабкі-знахаркі, дзе прадугледжана рабочая зона для прыгатавання і захоўвання лекавых чаёў, настояў з траў. У дадзенай інтэрактыўнай зоне праводзяцца заняткі для дзяцей і дарослых па вывучэнню лекавых траў і дэгустацыя чаёў.
На прасторнай сядзібе, агароджанай парканам, — вялікі хлеў, гумно, побач з ім павець з гаспадарчымі прыладамі, каля яе расце груша-дзічка. На вялікі жаль, у 1997 годзе буран, які пракаціўся па Стаўбцоўшчыне, закрануў і Коласавы мясціны, не пашкадаваў векавога лесу, што стаяў уздоўж дарогі, па якой калісьці хадзіў Кастусь у Нікольскае вучылішча, знішчыў і векавую ліпу на сядзібе ля хаты. Але яе камель, як сімвал памяці, усё ж пусціў парасткі, і летам маладыя галінкі шапацяць лісцем, сцвярджаючы вечнасць жыцця на зямлі.
Ласток, або Сухошчына – трэцяе месца жыхарства бацькоў Якуба Коласа. Сюды Міхаіл Міцкевіч перабраўся з Мікалаеўскай лясной каморы 1 лістапада 1885 года і жыў да красавіка 1890 года. Ласток размешчаны за 10 км ад Мікалаеўшчыны, за 4 км ад вёскі Сверынава, былога шляхецкага засценка. Сядзіба (леснікова пасада) акружана яловым лесам.
У Ластку раней стаяла дзве хаты: у новай жыла сям’я бацькі Якуба Коласа, у старой мясціліся рабочыя, якія выраблялі гонту.
Новая хата пабудавана ў 1885 годзе з хваёвых абчасаных брусоў у гладкі вугал, на каменным падмурку. Яна крытая гонтай, з дашчанай падфутроўкай пад дахам. Пабудовы (гумно, прыгрэбнік) і сад у Ластку былі абгароджаны парканам, гарод і выган – жэрдкамі.
Хата і гумно захаваліся да нашых дзён. Яны – сведкі жыцця сям’і Міцкевічаў у гэтым благаславёным куточку. Якуб Колас у аўтабіяграфіі пісаў: "Самыя раннія дзіцячыя гады мае прайшлі ў Сухошчыне, або Ластку. Гэта было глухое месца – поле, навокал лес ды адна толькі сяліба лесніка – хата, гумно, хлеў…
Часамі да нас заходзіў хто з сваякоў з Мікалаеўшчыны, адкуль былі родам бацькі, і заставаліся на некалькі дзён. Мне было вельмі цікава паслухаць іх гутаркі. А гэтыя гутаркі былі самага разнастайнага характару. З гэтых гутарак знаёміўся я з невядомым мне жыццём за межамі нашай сялібы. Таксама часта бывалі ў нас і леснікі, аб’ездчыкі і розныя паны з лясніцтва. Многа было гутарак аб лесніковым побыце, аб праявах службовага характару, аб адносінах паноў да лесніка. У гэтых адносінах было многа крыўднага і несправядлівага да лесніка, і ў мяне з самага ранняга дзяцінства закідалася ў душу варожае пачуццё да паноў, а за часам яно яшчэ больш узмацнілася".
Фарміраванне чалавека пачынаецца менавіта ў раннім узросце. Пасля пласт за пластом, як на стрыжань, накладваецца светапогляд, вопыт, мудрасць. Тое, што закладзецца ў дзіцячыя гады, у гэтым невялікім адрэзку жыццёвага шляху, пазней будзе рухавіком у дзеяннях асобы, поглядах, учынках. Хлопчык з Божай іскрай – Костусь – з малых гадоў у простых з’явах і рэчах бачыў незвычайнае, тое, што не было дадзена адчуць і ўбачыць іншым. Гэтыя ўражанні адлюстраваліся ў многіх творах песняра, яны хвалявалі яго сэрца, былі прычынай стварэння цудоўных вобразаў:
Пазней праз прызму ўспамінаў Якуба Коласа, яго аўтабіяграфічных нататкаў, дзе расказваецца пра Ласток – першую лесніковую пасаду, якая адбілася ў дзіцячай памяці (затым была Альбуць), нельга не ўбачыць вобраза Сымона-музыкі, летуценнага хлапчука, які ў кожнай рэчы, у кожным гуку бачыў незвычайную з’яву. "Любіў я вясною на сходзе сонца зашыцца куды-небудзь у куток і слухаць жаваранкаў. Мне тады здавалася, што я ведаю, аб чым яны спяваюць, я адрозніваў вясёлыя і смутныя іх песні, і мне нават здавалася, што жаваранкі ў другіх мясцінах не так спяваюць, як нашы," – успамінаў пясняр.
Там, у далёкім маленстве, ён жыў сваім, прыдуманым і намаляваным яго ўяўленнем жыццём. І ўсё было загадкава, казачна. Ён у гэты час адчыняў сабе акно ў рэальнае жыццё, кожную з’яву растлумачваючы па-свойму. Гэта было пачаткам яго першага кола жыцця (Якуб Колас падзяляў жыццё на 5 колаў).
Усё па волі Божай. Не будзь гэтай светлай, узнёслай мясціны, Ластка, мо не было б і Якуба Коласа, якога ведае сёння свет: непаўторнага, чулага душой, мудрага, узнёслага і зямнога. Талента і Настаўніка. Аўтара славутай паэмы "Сымон-музыка".
Сярод усіх мемарыяльных сядзібаў найбольшую каштоўнасць на сённяшні дзень мае Ласток. Калі пабудовы ў Акінчыцах, Альбуці, Смольні ўзноўлены па архіўных матэрыялах, рэстаўраваны, то Ласток захаваў свой першапачатковы выгляд з невялікімі рэстаўрацыйнымі зменамі. Хата і гумно, пабудаваныя ў 1885 годзе, захаваліся да сённяшніх дзён. Адноўлены паркан, гаспадарчыя пабудовы, устаноўлена маемарыяльная дошка: "У гэтай хаце ў 1885-1890 гг. жыў вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)".
У аўтабіяграфіі, ва ўспамінах, у паэме "Новая зямля", у вершаваным апавяданні "Грушы-сапяжанкі" паэт апісвае Ласток.
У 1997 годзе ў Ластку адкрыты 2 пакоі экспазіцыі па матывах паэмы "Сымон-музыка". Экспануюцца копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, пісьмы, дакументы, фотаздымкі, вырабы народных майстроў Стаўбцоўшчыны, творы беларускіх мастакоў.
Сядзіба Ласток і навакольная мясцовасць – гэта не толькі гістарычна-мемарыяльны помнік, але і ўнікальны помнік прыроды. Тут, паводле дадзеных АН Беларусі, знаходзяцца выкапні неагенавага Палеа-Нёмана і антрапагенавага (чацвярцічнага) Пра-Нёмана, выхад палаводна-ледніковых адкладаў у найбольш тыповых праявах. Лясы тут захаваліся больш, чым на прылеглых тэрыторыях. Маецца шмат разнавіднасцяў раслінаў, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу.
Адрас філіяла:
вул. Сенкевіча, д. 6, г. Стоўбцы, 222660, Мінская вобласць
тэл. +3758 01717-71-976